Мінск 09:18

Лукашэнка выкарыстоўвае палітвязняў як разменную манету ў гандлі за ўладу — Ціханоўская

Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

2 ліпеня, Позірк. Вызваленне палітвязняў і спыненне рэпрэсій — “неабходныя крокі для вырашэння палітычнага крызісу і пачатку агульнанацыянальнага дыялогу, якога Беларусь даўно патрабуе”, заявіла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская 2 ліпеня, каментуючы памілаванне чарговай групы асуджаных.

“Мы вітаем вызваленне кожнага і заклікаем рэжым працягваць вызваляць нявінных людзей з турмаў”, — цытуе палітыка яе прэс-служба.

Паводле слоў Ціханоўскай, “выдатна”, што вызваленыя “нарэшце змогуць вярнуцца ў сем’і, абняць блізкіх, пачуць шчаслівы смех дзяцей”, аднак “16 чалавек — гэта крыху больш за адзін працэнт з больш чым тысячы палітвязняў”.

“І здароўе, і псіхалагічны стан тых, хто застаецца за кратамі, паступова пагаршаюцца”, — падкрэсліла дэмлідар, дадаўшы, што сітуацыя, у прыватнасці, з Вікторыяй Кульшай і Валерыяй Касцюговай, — гэта “прыклад таго, як рэжым на самай справе ставіцца да палітычных зняволеных, як ён ацэньвае чалавечае жыццё”.

“[Рэжым Аляксандра Лукашэнкі] успрымае лёс кожнага з іх як разменную манету ў гандлі за ўладу”, — падкрэсліла палітык.

Прадстаўніца ў сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) Вольга Зазулінская выказала надзею, што ў дачыненні да вызваленых “не будуць прымяняцца новыя формы гвалту, у тым ліку прымусовая дэпартацыя”, якую ўлады ўжылі 21 чэрвеня ў дачыненні да 14 зняволеных.

“Людзі павінны самі вырашаць, заставацца ім у краіне ці з’язджаць. І гэта павінен быць іх выбар, а не ўмова”, — цытуе Зазулінскую прэс-служба АПК.

Паводле яе слоў, у гэты ж дзень, калі “вызваляюцца 16 чалавек”, у Беларусі “працягваюцца судовыя працэсы над іншымі”.

“Гэта адбываецца цяпер, у рэжыме рэальнага часу. І мы гаворым рэжыму: спыніце гэта. Вам гэта нічога не каштуе. Таму што пакуль адбываецца здзек над справядлівасцю, вызваленне людзей не выглядае крокам насустрач — замест аднаго вызваленага чалавека на яго месца садзяць новага зняволенага”, — канстатавала прадстаўніца АПК.

2 ліпеня прэс-служба Лукашэнкі паведаміла аб памілаванні 16 зняволеных, “якія ўчынілі розныя злачынствы, у тым ліку экстрэмісцкай накіраванасці”.

 Сярод памілаваных восем жанчын і восем мужчын, трое старэйшыя за 50 гадоў, усе вызваленыя “раскаяліся ў зробленым і ўзялі на сябе абавязацельства не парушаць закон”.

Заяўляецца, што памілаванне прымеркавана да Дня незалежнасці, які адзначаецца 3 ліпеня.

Практыка вызвалення палітвязняў працягваецца ў Беларусі роўна год. Першае памілаванне таксама было прымеркавана да Дня незалежнасці. Тады праваабаронцы паведамлялі аб выхадзе 18 палітвязняў. Старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала заяўляў пра 14 вызваленых.

З ліпеня 2024 года было адзінаццаць хваляў памілаванняў, у выніку якіх на волю выйшла больш за 300 палітвязняў. Папярэдняе памілаванне датаванае 7 траўня — Лукашэнка вызваліў 42 чалавекі, прымеркаваўшы гэта да 80-годдзя перамогі ў Другой сусветнай вайне.

Разам з тым палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца. Людзей затрымліваюць і судзяць у крымінальным парадку паводле палітычных матываў.

На 2 ліпеня беларуская праваабарончая супольнасць прызнае палітвязнямі 1.164 чалавекі. У рэчаіснасці людзей, якія падвергліся рэпрэсіям у той ці іншай форме, значна больш.

Лукашэнка назваў палітвязняў "звяр'ём" і "бандытамі"

1 ліпеня, Позірк. Тэма палітвязняў абмяркоўвалася на сустрэчы са спецпрадстаўніком ЗША па пытаннях Украіны Кітам Келагам "нямала часу", заявіў Аляксандр Лукашэнка 1 ліпеня на ўрачыстым сходзе з нагоды Дня незалежнасці. Паводле сцвярджэння Лукашэнкі, якога цытуе прэс-служба, пасля яго заўвагі амерыканская …
Падзяліцца: